Геаграфічнае даследаванне мікратапонімаў
Малой Радзімы маіх продкаў
Acerca de

Дрымонімы
Лельчыцкі край – гэта край лясоў. Бяскрайнія лясы мясцовыя жыхары ўмоўна падзялілі на ўчасткі, кожнаму з якіх далі назву. Часцей за ўсё яна адпавядае пародам дрэў або форме ляснога надзела. Мы разглядаем ў сваёй працы толькі тыя лясныя масівы, што знаходзяцца вакол вывучаемых вёсак.
Баравое. Лес за Малым Сялом. Утвораны ад слова бор. Бор – сасновы ці хвойны лес.
Елле. Участак лесу, у якім растуць елкі. Елье ў сучасны час – гэта невялікі кавалачак лесу, які аддзяляе вёску Ліпляны ад гарадскога пасёлка.
Верхулессе. Назва ўтварылася ад словазлучэння верхні лес – лес на высокім месцы.
Валовае. Лес з забалочанымі участкамі, у якім па сведках жыхароў некалі загінулі валы. Ёсць таксама меркаванне, згодна якому назва пайшла ад характарыстыкі топкіх балот – “праз іх нават валы не пройдуць”. Па думцы Атнагулава А.І. на гэтым месцы быў выпас для валоў, якіх гадавалі мясцовыя жыхары. Месца сярод лесу, праз якое маглі прагнаць валоў, называецца Валовы Брод.
Мясцовыя жыхары таксама тлумачаць назву лесу дзейнасцю людзей – валкай лесу. Праз гэты лес праходзіў вялікі шлях, па якім вывозілі лес.
Горы. Лес на ўзвышшы, на хвалістай, перасечанай мясцовасці. Тут таксама сустракаюцца яры.
Бярэзнікі. Бярозавы лес, размешчаны за шляхам ад вёскі Ліпляны.
Слепча. Раней праз лес працякала аднайменная рака. У аснове назвы слова сляпень – насякомае, характернае для лясоў і лугоў гэтай мясцовасці. Існуе таксама паданне, што падчас турэцкай вайны бой праходзіў на гэтым месцы. Пасля бою выйшлі сляпыя воіны.
Гайкі. Участкі ліставога лесу сярод балот. Пасля меліярацыі Гайкі знаходзяцца сярод калгасных палёў.
Гліны. Сасновы лес, які расце на гліністых глебах. Насельніцтва выкарыстоўвае гэтую гліну і зараз для гаспадарчых мэт. Урочышча знаходзіцца за вёскамі на беразе ракі Убарць.
Лешнік. Выцягнуты ўчастак лесу з алешніку ўздоўж ракі, за Вялікім Сялом.
Печы. Лес, сярод якога некалі існаваў хутар. Калі людзей перасялілі ў вёскі, на месцы падвор’яў засталіся толькі печы. Прабабуля кажа, што яны так добра былі зроблены, што асобныя іх часткі і зараз у лесе можна знайсці.