Геаграфічнае даследаванне мікратапонімаў
Малой Радзімы маіх продкаў
Агронімы
Назвы палёў, зямельных надзелаў, апрацаваных участкаў, ніў.
Запачапін
Так называюць мясцовыя жыхары ўрочышча, асушаны луг, які знаходзіцца за плотам, за вёскай (Вялікае Поле). Тэрмін, які даў назву ўрочышчу, азначае, што месца зусім блізка, да яго можна дайсці пяшком – “зачапаць”.

Вашчоўнік. Так называецца поле за могілкамі на Вялікім Сяле. Назва пайшла ад слова вашчына. Гэта пласціны з воску, якія выкарыстоўваліся пчалярамі пры зборы мёду. На гэтым месцы, мабыць, стаялі пчаліныя вуллі.
Галаўская. Былыя сенакосы за Малым Сялом. Назва ўтворана ад прозвішча Галаўскі, надзелам якога быў гэты луг.
Луг. Некалі затопленыя падчас паводкаў тэрыторыі каля ракі, зараз асушанае калгаснае поле.
Ніўча. Узвышаны участак сярод забалочанай мясцовасці перад урочышчам Елле, паміж вёскай Ліпляны і Лельчыцамі. Раней праз яго ляжала дарога, па якой жыхары вёскі пешшу хадзілі ў горад. Поле выкарытоўвалі для пасеву збожжавых культур. Назва ўтворана ад слова ніва.
Прыгарадная. Поле, размешчанае перад Лельчыцамі. Раней для гарадскога насельніцтва там вырошчвалі гародніну.
Саўчын. Урочышча паміж Ліплянамі і Пабедным. Зараз гэта калгаснае поле. Раней, да правядзення меліярацыя, тут былі сенакосы. Жыхары вёскі мелі там пакосы – надзелы, дзе нарыхтоўвалі сена. Некалі гэты луг быў надзелам чалавека з імем Сава.
Чарвякоў. Поле, дзе раней быў утвораны першы калгас. Кіраваў ім Чарвякоў, яго прозвішча і дало назву ўрочышчу.