Геаграфічнае даследаванне мікратапонімаў
Малой Радзімы маіх продкаў
Геаграфія
Куток Палесся асаблівы:
Настолькі блізкі, такі мілы,
Дзе Убарць ціха працякае,
Дубам лягенду яна бае…
Л. Ліпская
Лельчыцкі раён знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гомельскай вобласці, на мяжы з Украінай і Брэсцкай вобласцю. Гэта памежжа Мазырскага і Прыпяцкага Палесся. Адрозніваецца непаўторнымі краявідамі, бязмежжам лясоў, балот і лугоў. Паверхня тэрыторыі плоска-хвалістая і ўяўляе сабой забалочаную лясістую нізінную раўніну.
Асноўнай воднай артэрыяй раёна з’яўляецца рака Убарць, правы прыток Прыпяці. Яна адрозніваецца велізарнымі забалочанымі далінамі. У 1980-х гадах была праведзена маштабная меліярацыя, у выніку якой зніклі маляўнічыя лугі і балоты па берагах ракі, з’явіліся палі і сенажаці. Але ж мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць кожны брод, балота ці возера.
Амаль у самым цэнтры раёна, у 4-х кіламетрах ад Лельчыц, на беразе ракі Убарць, знаходзіцца месца нашага даследавання – вёскі Ліпляны і Пабеднае – дзве сяброўкі, суседкі і сястры. У Пабедным жылі продкі майго дзядулі, а ў Ліплянах – бабулі.
Вёскі размешчаны пераважна ў межах Лельчыцкай раўніны. Першае паселішча было заснавана на левым беразе ракі Убарць, але з-за асобых прыродных ўмоў забалочанай даліны ракі новыя дамы сталі будавацца на правым беразе. Паступова забудова перайшла ад даліны на ўзвышаную раўніну.
